Тэма 19. НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНЫ ЗМЕСТ МОЎНАЙ КАМУНІКАЦЫІ
Тэрмін “культура” лацінскага паходжання, перакладаецца як ‘вырошчванне, выхаванне, адукацыя, развіццё, шанаванне’. Прывядзём некалькі азначэнняў тэрміна “культура”:
– гістарычна вызначаны ўзровень развіцця грамадства, творчых сіл і здольнасцей чалавека, выражаны ў тыпах і формах арганізацыі жыцця і дзейнасці людзей, у стварэнні імі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей;
– сукупнасць дасягненняў чалавецтва ў вытворчым, грамадскім і духоўным жыцці;
– сінонім – цывілізацыя; антонімы – дзікунства, варварства, некультурнасць; вытворныя: культурны– бескультурны, культываваць.
У большасці азначэнняў культуры падкрэсліваецца яе творчы характар, стваральнасць, развіццё, рух.
Духоўная культура – найбольш складанае ўтварэнне: яна не толькі абагульняе, асэнсоўвае ўсе вобласці матэрыяльнай культуры чалавецтва, але і ў значнай ступені кіруе гэтымі абласцямі культуры. Але не заўсёды спраўляецца з гэтай найважнейшай задачай кіравання, што пацвярджаецца фактам узнікнення і развіцця такой філасофскай, навуказнаўчай праблемы, як “навука і мараль”.
Што ж уваходзіць у аб’ём паняцця “духоўная культура”? У асобасным плане паняцце “духоўны свет чалавека” прадугледжвае яго інтэлект, г. зн. разумовую здольнасць чалавека, розум; маўленчую здольнасць і маўленне; свет эмоцый, перажыванняў, настрояў; свет уяўлення, інтуіцыі, творчасці; свет маральных перакананняў, валявую сферу, светапогляд, вераванні, уключаючы рэлігійныя. Гэты асобасны свет вызначае сутнасць чалавека, у ім усё ўзаемазвязана, але не ўсе яго сферы падпарадкаваныя свядомасці і кіруюцца яго воляй. Не ўсе сферы развіты ў розных людзей у роўнай ступені: ёсць людзі з багатым уяўленнем, людзі з перавагай розуму або з перабольшанай эмацыйнай узбуджальнасцю, ёсць людзі, якія падпарадкавалі ўвесь свой унутраны свет веры, перакананням; іншыя вышэй за ўсё цэняць творчасць і г. д.
Без разумення асобаснага духоўнага свету чалавека немагчыма зразумець і агульныя сферы культуры народаў і чалавецтва, бо ў кожнай асобе ўласнае духоўнае багацце перасякаецца з агульнай духоўнай культурай. Апошняя аб’ядноўвае агульныя веды, інфармацыю, эстэтычнае асэнсаванне свету, яго навуковае даследаванне, мову, мастацтва, крытэрыі ацэнкі мастацтваў, літаратуру – навуковую, мастацкую, публіцыстычную, палітычную, дзелавую, этыкет, звычаі і многае іншае.
Культура звязана з рознымі сферамі псіхікі людзей: з розумам, інтэлектам, эмацыйнымі светам чалавека, светам несвядомага, уяўленнямі, перакананнямі і вераваннямі.
Культуры народаў адрозніваюцца па сваіх ацэначных механізмах, у іх адбілася гісторыя народаў, але ўсе нацыянальныя, тэрытарыяльныя варыянты духоўнай культуры ўсё ж аб’яднаны як сваёй структурай, так і агульначалавечымі каштоўнасцямі: жыццё і смерць, дабро і зло, прыгожае і пачварнае, святло і цемра, веданне і невуцтва. Моўныя межы падзяляюць культуры народаў, але моўная дзейнасць аб’ядноўвае культуры: усе яны грунтаваліся на адносінах знешняга і ўнутранага маўлення, разумовай і пазнавальнай здольнасці, маўлення і аўдзіравання, а таксама на выяўленчай дзейнасці, музыцы: яны цесна звязаны з мастацтвам маўлення.
Маўленне ва ўсёй шматстайнасці сваіх формаў абслугоўвае ўсе галіны культуры, яно не проста абалонка, а арганічная частка духоўнай культуры: веды фарміруюцца, захоўваюцца і перадаюцца ў маўленчых формах, у тэкстах; інтэлект і эмоцыі жывуць і перадаюцца з пакалення ў пакаленне таксама праз маўленне, тэкст (нават у электронным запісе); такія вобласці эстэтычнага ўсведамлення свету і жыцця людзей, як паэзія, песня, тэатр, уся літаратура – таксама не што іншае, як маўленне [26, с. 110].
Тэарэтычныя асновы вывучэння суадносінаў мовы і культуры.
- Людзі, якія размаўляюць на розных мовах і належаць да розных культур, па-рознаму ўспрымаюць свет. Мова абумоўлівае тып мыслення яе носьбітаў, спосаб пазнання навакольнага свету залежыць ад мовы, на якой ажыццяўляецца мысленне.
- Паколькі ў аснове светабачання і светаразумення кожнага народа ляжыць свая сістэма прадметных значэнняў, сацыяльных стэрэатыпаў, кагнітыўных схем, свядомасць чалавека заўсёды этнічна абумоўленая. Відавочна, працэс гэты носіць шмат у чым “неўсведамляльны” характар, паколькі сама сістэма свядомасці хутчэй за ўсё вызначаецца этнічнымі стэрэатыпамі паводзін і не ўсведамляецца кожным асобным носьбітам культуры, належыць калектыўнаму несвядомаму дадзенай нацыянальна-лінгвакультуралагічнай супольнасці.
- Агульнасць культуры і вызначае агульнасць свядомасці тых інды-відаў, хто ўступае ў камунікацыю. Гэта агульнасць забяспечвае магчымасць знакавых зносін, г. зн. індывіды могуць суадносіць з гэтымі знакамі аднолькавыя ментальныя вобразы (напрыклад: стук у дзверы ўсе разумеюць як знак таго, што хтосьці прыйшоў і яго трэба ўпусціць; памахванне рукой – развітанне, але ў амерыканцаў, наадварот, прывітанне і да т. п.).
- Культура – здабытак грамадства, які перадаецца ад пакалення да пакалення. Культура – з’ява рэальная, якая ўспрымаецца і рэпрадукуецца праз дзейнасць членаў грамадства.
- Багацце свядомасці кожнага асобнага чалавека залежыць ад аб’ёму прысвоенай культуры. Грамадства, якое дае кожнаму свайму члену культуру для прысваення і пабудовы сваёй асобы, дазваляе яму фарміраваць сябе, з аднаго боку, як цэласнага, грамадскага чалавека, а з другога – абмяжоўвае яго межамі сваёй культуры, аб’ёмам культурных прадметаў.
- Змест усякай культуры можа быць выказаны з дапамогай яе мовы і змест мовы непарыўна звязаны з культурай. На думку Э. Сепіра, узнікненне мовы папярэднічала нават пачатковаму развіццю матэрыяльнай культуры, культура не можа развівацца, пакуль не аформілася мова, інструмент выражэння значэння. Але, з іншага боку, мова не існуе па-за культурай, г. зн. па-за атрыманай у спадчыну сукупнасцю практычных навыкаў і ідэй, якія характарызуюць наш лад жыцця.
Асноўныя паняцці лінгвакультуралогіі можна сістэматызаваць у адпаведнасці з некалькімі параметрамі. Тады фарміруюцца чатыры групы паняццяў.
Першая група ўключае першасныя паняцці – паняцці базавага ўзроўню, абапіраючыся на якія можна перайсці да паняццяў больш высокага ўзроўню.
Другая група змяшчае паняцці, якія ўяўляюць сабой аб’яднанні кампанентаў першай групы.
Трэцяя група аб’ядноўвае паняцці, актуальныя для жыцця соцыуму, для ролі чалавека ў ім.
Чацвёртая група ўключае ў сябе паняцці, больш звязаныя з культурай.
Першая група
Культурныя семы – ядзерныя семантычныя прыкметы ў лексічным значэнні слоў, якія нясуць культурную інфармацыю. Напрыклад, у слова лапці можна вылучыць такія культурныя семы, як “плеценыя з лыка”, “сялянскі абутак”.
Культурнымі канатацыямі В. Тэлія называе няядзерныя семы другасных лексічных значэнняў, якія развіваюцца ў аднаго і таго ж слова (паняцця) у розных культурах. Напрыклад, сабака ў рускіх асацыіруецца з вернасцю, адданасцю (фразеалагізмы сабачая вернасць, сабачая адданасць, сабачае жыццё). У беларусаў сабака канатуе негатыўныя прыкметы: ушыца ў сабачую скуру азначае ‘стаць нягодным, лянівым чалавекам’. У кіргізаў сабака – лаянкавае слова, падобнае да слова свіння.
Культурныя канатацыі ўласцівыя не толькі метафарычным, але і сімвалічным значэнням. У слове кроў беларуская свядомасць сфарміравала канатацыі: 1) сімвал жыццёвых сіл (фразеалагізмы піць кроў, да апошняй кроплі крыві); 2) сімвал сваяцтва (фразеалагізмы родная кроў, кроў ад крыві); 3) сімвал здароўя (фразеалагізм кроў з малаком); 4) сімвал эмоцый (фразеалагізмы кроў кінулася ў галаву, кроў стыне).
Культурныя канатацыі па сутнасці з’яўляюцца культурным кодам. Пры гэтым з дэнатата вылучаюць асобныя прыкметы, вобраз якіх прадстаўлены ва ўнутранай форме слова з пераноснай семантыкай. Канатацыі, заснаваныя на асацыяцыях, якія ідуць ад слова, таму адна і тая жывёла выступае эталонам розных якасцяў у розных культурах. Часам канатацыі могуць быць заснаваныя і на рэальных уласцівасцях прадметаў: іхтыязаўр (аб адсталым чалавеку), цяля (аб ціхім, ласкавым чалавеку), талмуд (аб стамляльным чытанні), вінегрэт (аб усякай сумесі). Часам канатацыі разглядаюць як ацэначны арэол. Напрыклад, блакітныя вочы для кіргізаў – самыя непрыгожыя, а каровіны вочы – самыя прыгожыя.
Культурны фон – характарыстыка намінатыўных адзінак (слоў і фразеалагізмаў), якія абазначаюць з’явы сацыяльнага жыцця і гістарычныя падзеі: знік як швед пад Палтавай, аранжавая рэвалюцыя.
Да культурнага фону прымыкаюць прэцэдэнтныя імёны: 1) імёны герояў вядомых мастацкіх тэкстаў (Тарас Бульба, Абломаў); 2) імёны, звязаныя з вядомымі сітуацыямі (Іван Сусанін, дзед Талаш); 3) значныя імёны ў чалавечай культуры (вучоныя М. В. Ламаносаў, Д. І. Мендзялееў, К. А. Ціміразеў, В. У. Вінаградаў, пісьменнікі Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, М. Багдановіч).
Культурныя канцэпты – імёны абстрактных паняццяў. Культурная інфармацыя прымацоўваецца ў іх да сігніфіката (паняцця аб прадмеце). Ключавымі канцэптамі культуры называюць ядзерныя адзінкі карціны свету, якія валодаюць экзістэнцыйнай (што мае дачыненне да існавання чалавека) значнасцю. Да іх адносяць сумленне, лёс, волю, долю, закон, свабоду, радзіму.
Другая група
Лінгвакультурная парадыгма – моўная форма, якая адлюстроўвае катэгорыі светапогляду (час, прастора).
Культурная прастора (= культурны фонд) – форма існавання культуры ў свядомасці яе прадстаўнікоў: беларуская/англійская кагнітыўная прастора. Культурны фонд – кругагляд у галіне нацыянальнай і сусветнай культуры, якім валодае тыповы прадстаўнік культуры; сукупнасць базавых адзінак канкрэтнай культуры.
Ментальнасць – светасузіранне ў катэгорыях і формах роднай мовы, якое адлюстроўвае нацыянальны характар. Адзінка ментальнасці – канцэпт пэўнай культуры. Ментальнасць – нябачны мінімум духоўнага яднання людзей.
Менталітэт – спосаб успрымання і разумення рэчаіснасці; унутраная арганізацыя ментальнасці; “склад розуму і душы” народа; псіхалінгваінтэлект народа; глыбінная структура свядомасці, якая залежыць ад сацыякультурных, моўных, геаграфічных і іншых фактараў (В. А. Маслава); сукупнасць ацэнак (З. Д. Папова). Ён выяўляецца на ўзроўні моўнай, наіўнай карціны свету, адлюстраванай у міфах, рэлігійных поглядах і г. д.
Моўная карціна свету (МКС) – сукупнасць зафіксаваных у адзінках мовы уяўленняў народа аб рэчаіснасці. Яна больш вузкая, чым кагнітыўная. У мове названа толькі тое, што мела для народа камунікатыўную значнасць, каштоўнасць. МКС выяўляецца ў семантычнай прасторы мовы. Яна ствараецца лексемамі, фразеалагізмамі, лакунамі, частотнымі сродкамі мовы, вобразнымі сродкамі, фонасемантыкай, рытарычнымі стратэгіямі, стратэгіямі ацэнкі і інтэрпрэтацыі тэкстаў.
Трэцяя група
Моўная асоба – унутраная ўласцівасць асобы, якая адлюстроўвае моўную і камунікатыўную кампетэнцыю (веды, уменні, навыкі) і іх рэалізацыю ў спараджэнні, успрыманні і разуменні тэкстаў (А. Селіванава). Ю. Караулаў вылучае тры ўзроўні моўнай асобы: вербальна-семантычны (словы), тэзаўрусны (паняцці) і матывацыйна-прагматычны (дзейнасна-камунікатыўныя патрэбы).
Лінгвакультурная супольнасць – група людзей з аднолькавымі моўнымі і культурнымі звычкамі.
Субкультура – другарадная, падпарадкаваная культурная сістэма (напрыклад, моладзевая).
Этнас – гістарычна складзеная біясацыяльная супольнасць якая характарызуецца агульнасцю паходжання, псіхалогіі, мовы і культуры.
Чацвёртая група
Культурныя ўстаноўкі – ідэальныя патрабаванні да годнай асобы. Яны выпрацоўваюцца ў залежнасці ад гістарычнага шляху народа.
Культурныя каштоўнасці – тое, што людзі лічаць важным для свайго жыцця. Вылучаюцца наступныя каштоўнасці: абсалютныя, грамадскія, асобасныя, каштоўнасці біялагічнага выжывання. Сістэма каштоўнасцяў народа выяўляецца ў мове.
Культурныя традыцыі – калектыўны вопыт народа, найбольш каштоўныя элементы сацыяльнай спадчыны.
Культурны працэс – узаемадзеянне элементаў культуры.
Культурныя ўніверсаліі – падобныя для ўсіх культур элементы. Гэта канцэптуальныя (звязаныя з сутнасцю канцэпту культура) універсаліі: наяўнасць мовы, стварэнне прылад працы, міфы, танцы. Да культурных універсалій адносяцца таксама агульныя катэгорыі мыслення: акцыяналь-насць (сувязь любога прадмета з дзеяннем), прадметнасць (аднесенасць любых прыкмет або дзеянняў да прадмета), пасесіўнасць (адносіны прыналежнасці), ідэнтыфікацыйнасць (адносіны “нешта з’яўляецца чымсьці”).
Лексічны фонд мовы называюць верхнім пластом лінгвакультуры. Гэта звязана з тым, што культурныя сэнсы ў першую чаргу пакрываюць лексічную і фразеалагічную семантыку і характарызуюцца адноснай яснасцю пры іх выяўленні.
Лексічныя і фразеалагічныя спосабы захоўвання культурнай інфармацыі з’яўляюцца найбольш вывучанымі. Гэта звязана перш за ўсё з тым, што слова і фразеалагізм, у адрозненне ад фанемы, маюць відавочны план зместу, а культурная інфармацыя адлюстроўваецца перш за ўсё ў семантыцы моўных адзінак. Акрамя таго, словы, фразеалагізмы, у адрозненне ад тэкстаў, характарызуюцца кампактнасцю, што спрашчае іх лінгвакультуралагічнае апісанне.
Культурная маркіраванасць лексічнага і фразеалагічнага значэння выяўляецца ў тым, што гэтыя семантычныя велічыні здольныя як адлюстроўваць тыя ці іншыя культурныя сэнсы, так і інтэрпрэтаваць універсальныя кванты ведаў у адпаведнасці з дзейнымі культурнымі ўстаноўкамі, стэрэатыпамі.
Лексічны фонд мовы фарміруе яго змястоўную прастору, якая можа разглядацца ў лінгвакультуралагічным аспекце, у адпаведнасці з якім адбываецца пашырэнне сінхронна-сістэмнага апісання семантыкі за кошт прырашчэння культурна-маркіраваных сэнсаў.
У лексічным складзе любой мовы вылучаецца так званая безэквівалентная лексіка. У асноўным гэта абазначэнні прадметаў і з’яў, характэрных для дадзенай культуры і адсутных у культуры народа, носьбіта супастаўляльнай мовы. Безэквівалентная лексіка адлюстроўвае спецыфіку нацыянальнай культуры народа, з’яўляецца захавальнікам нацыянальна-культурнай семантыкі, перадаючы эстафету нацыянальнай культуры аднаго пакалення іншаму і прадстаўляючы тым самым вялікую цяжкасць для перакладчыкаў і выкладчыкаў замежнай мовы ў працэсе падбору імі эквівалентаў і семантызацыі дадзенай лексікі [5, с. 131].
Як па-руску сказаць адным словам шуфляда, шуфлядка? А ніяк, толькі “выдвижной ящик в столе, в комоде”. А шыба? Гэта “стекло, вставленное в оконную раму”. Вырай? У першым значэнні гэта “тёплые страны, куда летят зимовать перелетные птицы”; а ў другім – “стая перелетных птиц”.
Гэтыя беларускія словы не маюць у мове-суседцы аднаслоўнага адпаведніка, а могуць быць патлумачаны толькі апісальна, пры дапамозе некалькіх слоў. Ці вось яшчэ адзін прыклад беларуска-англійскай безэквівалентнай лексікі: сіні і блакітны ў беларускай мове маюць адпаведнікі dark blue i light blue ў англійскай, а слова суткі перакладаецца выразам 24 hours. Такую лексіку ў мове прынята называць безэквівалентнай, а адсутнасць аднаслоўнага адпаведніка ў іншай мове – лексічнай лакунай.
Ці шмат такіх слоў маем мы ў нашай мове? Пра што сведчыць
гэта з’ява?
Ірына Шкраба сабрала беларускую безэквівалентную лексіку (у дачыненні да рускай) у слоўнік пад назвай “Самабытнае слова”. Безэквівалентная лексіка падзяляецца на наступныя тыпы:
- Словы, якія называюць прадметы і рэаліі, уласцівыя толькі аднаму народу (часам іх называюць экзатызмамі). Часцей за ўсё гэта стравы нацыянальнай кухні, адзенне, спецыфічнае хатняе начынне, назвы, звязаныя з гісторыяй, фальклорам народа, сельскагаспадарчымі традыцыямі: пячыста (блюдо, приготовленное из больших кусков мяса, запеченного на огне), конаўка (металлическая или деревянная кружка конусообразной формы), дзядзькаванне (старый обычай белорусских панов отдавать своих сыновей на воспитание в крестьянские семьи), ягамосць (белорусская форма вежливого обращения к кому-либо, незнакомый человек), ваўкалак/ ваўкалака (мифическое существо, человек, способный, согласно поверью, принимать облик волка), заворыны (начало пахоты). Звычайна такія словы не перакладаюцца, а запазычваюцца і тлумачацца ў тэксце іншай мовы як спецыфічная беларуская з’ява.
- Лексіка, якая называе даволі шырока вядомыя прадметы і рэаліі, што існуюць у іншых мовах, напрыклад: бел. глюга – рус. клюв хищной птицы; амшара/імшара – моховое болото; кухаль/куфель – бокал для пива / пивная кружка; бярозавік – березовый сок, завіхацца – усердно выполнять какую-либо работу; цагельня – кирпичный завод. І наадварот: рус. семенить – бел. перабіраць нагамі, дробненька тупаць; южнее – на поўдзень ад.., больш на поўдзень; очерствлять – рабіць чэрствым; разрешающий – які (што) дазваляе; работающий – які (што) працуе і г. д. Чаму ж у адной мове ёсць асобнае слова для нейкага прадмета або з’явы, а ў іншай няма, а ёсць толькі апісальнае вызначэнне? Звычайна гэта тлумачыцца ступенню актуальнасці той ці іншай рэаліі для носьбітаў мовы. Як правіла, для актуальных, важных для сябе рэчаў народ стварае аднаслоўныя найменні, і наадварот: менш важныя рэчы могуць называцца апісальна. Гэта асаблівасць адбіваецца і ў моўнай карціне свету розных народаў (напрыклад, у насельнікаў пустыні будзе шмат аднаслоўных назваў пяску, падобна як і ў жыхароў поўначы – шмат спецыфічных назваў снегу: які ляжыць, ляціць, учарашні і г. д.), аналіз якой дае ўяўленне пра нейкія ментальныя і сацыякультурныя асаблівасці саміх народаў, пра, так бы мовіць, іх бачанне і ўспрыняцце сябе і свету вакол сябе.
- Безэквівалентная лексіка, абумоўленая адрозненнем словаўтваральных сістэм розных моў: бел. папамучыцца (прыстаўка папа- са значэннем працягласці ці паўторнага дзеяння) – рус. долго промучаться, папашукаць – долго или неоднократно искать; паглыбець (прыстаўка па- са значэннем вышэйшай ступені выражэння прыкметы) – стать более глубоким; загусты (прыстаўка за- са значэннем ‘занадта’) – слишком густой і г. д.
Такім чынам, безэквівалентная лексіка – гэта тое ўнікальнае, што не проста адрознівае слоўнікавы склад моў розных народаў, але і ў пэўнай ступені адлюстроўвае іх нацыянальны менталітэт як сукупнасць культурных, эмацыйных і псіхічных асаблівасцей, а часта і гістарычныя сувязі з іншымі народамі і мовамі [42, с. 4–5].
Нацыянальна-культурная адметнасць маўленчай камунікацыі выяўляецца ў словах і выклічнікавых фразеалагізмах – формулах маўленчага этыкету
Формулы вітання – Вітаю! Прывітанне! і інш. – абслугоўваюць пачатковы момант зносінаў, які цесна звязаны з паняццем “сустрэча”. У вераваннях славян сустрэча – гэта праява лёсу, яна можа мець як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі, таму існавала мноства прыкмет, звязаных з ёю. Значнасць гэтай сітуацыі адлюстроўваецца і ў маўленчым этыкеце.
Заслугоўвае ўвагі разнастайнасць вітанняў, дыферэнцыяцыя іх паводле абставінаў сустрэчы, узросту, полу, колькасці вітальнікаў. Вызначаліся адметнасцю вітанні са сваякамі і чужымі, знаёмымі і незнаёмымі. Спецыяльны пералік вітанняў меў сувязь з рознымі відамі працы. Зусім іншы набор вітанняў меўся для вуліцы – тут больш выразна выяўляліся прыкметы ўзросту і полу. Некаторыя формулы вітанняў з’яўляюцца зычэннямі. У сувязі з верай славян у добрую ці нядобрую сустрэчу такія этыкетныя выразы павінны былі нейтралізаваць “нядобрае”. Магчыма, з гэтым звязаны таксама звычай вітаць незнаёмых людзей, што захаваўся да гэтага часу на вёсцы: невядомы чужы чалавек мог быць небяспечны, таму вітанне з ім, з аднаго боку, паказвала добрыя намеры таго, хто гаворыць, з другога – такім чынам “чужы” пераводзіўся ў разрад “сваіх”. Можна вылучыць некалькі тыпаў вітанняў.
Вітанні з пажаданнем здароўя. Пажаданне здароўя добра адлюстроўваецца ў поўных вітальных формулах: Будзь здароў/здарова; Здароў (-ва, -вы) быў/была/былі; Бывай здароў/здарова. Формулы
са страчаным дзейнікавым кампанентам (Здароў; Здарова; Здаровенькі) этымалагічна таксама звязаны з пажаданнямі. Канкрэтызацыя гэтых выразаў дасягаецца за кошт розных лексічных прырашчэнняў (Здароў вам; Здароў вам у вашу кучку). Пад уплывам рускай мовы ў зносінах беларусаў ужываецца і формула Здравствуй(це) і яе варыянты Здрастуй(це), Здароў(це). Нярэдка такія вітанні ўжываюцца ў мастацкай літаратуры з мэтай стылізацыі. Напрыклад, у А. Карпюка: – Маркевіч, хай ты здаровы будзеш!... няўжэ я нарэшце цябе бачу?! – Але, я... – ...То – здароў! – Ну, здрастуй і ты (Карані).
Пры адказе на вітанне гэтай групы ў народным маўленчым этыкеце часта выкарыстоўваюцца рэплікі, якія ўтрымліваюць аналагічныя формулы: Здароў і ты; Здароў, здароў. Яны могуць мець жартаўлівыя ці рыфмаваныя рэплікі-дапаўненні: Здароў! – Жыў, здароў, хаджу без штаноў, таго й табе жадаю; Здароў, калі змалоў; Здароў, калі не кпіш і інш.
Вітанні, звязаныя з пазначэннем часу сустрэчы. Такія вітанні маюцца амаль ва ўсіх мовах свету. Час – адна з асноўных катэгорый наіўнай карціны свету, у народнай традыцыі некаторым яго адрэзкам надаваліся станоўчыя ці адмоўныя якасці. Асноўнай адзінкай часу з’яўляўся дзень, што адбілася і ў беларускіх формулах: Добры дзень, Добрага дня, Дабрыдзень, Добрага ранку, Добрай раніцы, Добры ранак, Добры вечар, Добрага вечару. Акрамя прамога, у беларускай мове пашыраны (не без уплыву польскай мовы) інверсійны парадак слоў у некаторых формулах: Дзень добры, Дзяньдобры, Вечар добры. Прыметнік “добры” надае значэнне пажадання добрай раніцы, дня, вечара. Да формул такога тыпу дастасоўваюцца займеннікі 2-й асобы і назоўнікі ў давальным склоне, якія паказваюць на канкрэтнага адрасата (Добры дзень вам, Добры вечар добрым людзям). Апрача гэтых мадэляў, у беларускіх вітаннях на час сустрэчы паказваюць формулы, пабудаваныя па мадэлі віншавання
(З панядзелкам, З аўторкам і г. д.).
У якасці адказу звычайна выступаюць формулы, у якіх таксама ўтрымліваюцца словы са значэннем ‘добры, дабро’ (Дзень добры! – Добрага здароўя; А, добры, добры; Хай дае Бог добрае). У рэпліку адказу можа ўключацца і папраўка на час: – Добры дзень! – выдыхнуў Крывахіж. – Добры... Толькі не дзень, а ўжо вечар. – Сапраўды вечарэе (В. Алешка. Дар).
Вітанні, якія выказваюць павагу да адрасата. Такія адзінкі часцей за ўсё ўжываліся ў мужчынскім асяродку і мелі вельмі высокую ступень ветлівасці (Маё шанаванне; Гонар маю; Чэсць).
Вітанні, у якіх ёсць указанні на жэставае афармленне сітуацыі. Пры сустрэчы было прынята выкарыстоўваць некаторыя жэсты (паклон, пацалунак, поціск рукі). У формулах прывітання замацаваўся такі жэст, як паклон. Існавалі дзве разнавіднасці паклонаў: паясны і зямны (чалабіцце). У вітаннях часцей адлюстроўваецца менавіта другі від, бо ён выражаў большую павагу (Чалом вам; Чалом-здароў; Чалом кланяюся).
Вітанні пры ўваходзе ў хату. Формулы такога тыпу ў беларускай мове будуюцца шляхам далучэння лакатыва ў хату да формул першай і другой груп (Добры дзень у хату; Здароў вам у вашу хату). Меліся і спецыялізаваныя адзінкі (Правіна ў хату, крывізна ў лес). Сярод каталіцкага насельніцтва пры ўваходзе ў хату шырока ўжываюцца вітанні рэлігійнага характару: Пахвалёны. Пахвалёны ў хату, Нех бэндзе пахвалёны; Нех пахвалёны бэндзе. – Навекі-вякоў/вякув.
Працоўныя вітанні. Самую значную частку будняў займала праца. Яе значнасць падкрэслівалася сістэмай працоўных вітанняў, большасць з якіх мела від добразычэнняў. На думку этнографаў, вітанні меліся для ўсіх відаў працы (як і спецыяльныя адказы на іх), аднак у цяперашні час такія адзінкі ў большасці страчаныя, таму наяўны матэрыял з’яўляецца, зразумела, далёка не поўным. Усе працоўныя вітанні можна падзяліць на ўніверсальныя і спецыяльныя.
Універсальныя працоўныя вітанні не замацаваныя за якой-небудзь адной дзейнасцю, яны маглі быць адрасаваныя кожнаму чалавеку, незалежна ад віду працы. Большая частка гэтых вітанняў утрымлівае пажаданне Божай дапамогі (Памагай Бог; Бог на (у) помач; Божа, дапамагай; Божа да памоцы; Няхай Бог даспамагаець; Памагай, Божа; Памагайбо). Маюцца ў гэтых адзінках таксама пажаданні хуткага і ўдалага выканання працы (Спешна вам; Спорна вам; Спору ў працы; Паспары, Божа).
Адказам на ўніверсальныя працоўныя вітанні была звычайна падзяка. У беларускай мове зафіксаваны шэраг жартаўліва-іранічных адказаў з намёкам самому зычліўцу дапамагчы, а не спадзявацца на Бога (Казаў Бог, каб ты памог; Казала Бажніца, я не памачніца; Ды й ты памажы; Памагай, Божа, да й ты не лянісь, нябожа; На Бога спадзявайся, а сам памагай).
Спецыяльныя працоўныя вітанні дастасоўваліся да канкрэтнага віду дзейнасці. Большая частка гэтых вітанняў адрасавалася асобам, занятым рознай сельскагаспадарчай ці хатняй працай. Вітанні гэтай групы мелі від зычэнняў, якія выконвалі функцыю магічнага ўздзеяння на добры
вынік працы.
Напрыклад, вітанні-зычэнні чалавеку, занятаму сяўбой: Зарадзі, Божа; У зямлю зярнамі, у гумно тарпамі; жнівом: Перанёс Бог цераз сярпок, перанясі, Божа, цераз душок і цапок; прыгатаваннем ежы: Спару ў дзяжу (адказ Сто коп у машну); Падходна вам; Ляшчы ды акуні; асобам, якія стрыгуць авечак: Густы і высокі верас перад вамі; Каб былі кашлатыя, каб хутка ў воўну абраслі; пры дойцы кароў: Малочна вам; пры прадзенні, тканні: Багата на ўток; Што застаў, то й на стаў і інш.
Асноўнымі матывамі ў такіх вітаннях з’яўляюцца зычэнні дапамогі Божай (Прыспары, Божа, жыта; Радзі, Божа, на камені і пад каменем), мноства і паўнаты таго, што вырабляецца ці здабываецца (Поўны сеці;
З коласа – асьміна, з зярнятка – аладка), якаснай працы (Шоўкам лён; Бяло табе).
Вітанні, адрасаваныя людзям у час яды. Чалавек, які застаў гаспадароў за ядой, выкарыстоўваў у якасці вітання спецыялізаваныя формулы. Большасць вітанняў у беларускай мове робяць акцэнт на якасці ежы: Сыць вам, людзі; Сыці вам (пажаданне шчодрай і сытнай ежы); Смачнога; Смачна есці (пажаданне смачнай ежы). Сувязь хлеба і солі ў побыце і ў абрадах адыгрывала важную сімвалічную ролю: хлеб сімвалізуе зычэнне багацця і дабрабыту, а соль абараняе ад варожых сілаў і ўплываў, таму існавалі формулы тыпу Хлеб ды соль; Хлеб-соль.
Рэплікамі ў адказ на такія вітанні маглі служыць формулы запрашэння да яды (Просім есці; Просім за стол), падзяка. Акрамя таго, у беларускай мове ёсць шэраг рэплік, у якіх (насуперак законам гасціннасці) чалавеку адмаўляюць у запрашэнні (Ем ды свой; Ядзім ды свой, а ты ў парозе стой; Ем, да свой, а ты міма столу ды к полу) ці нагадваюць, што ў таго, хто прыйшоў, ёсць блізкія, якія могуць яго накарміць (Яшчэ твая цешна жыва; Яшчэ свякроў жыва). Разглядаючы фразеалагізмы з кампанентам “хлеб”, В. Маслава адзначае дваістыя адносіны да сітуацыі, калі чужы чалавек есць чый-небудзь хлеб: з аднаго боку, такі чалавек можа зрабіць крыўду, з другога – атрымаўшы хлеб-соль, чалавек ужо не здолее ўкрыўдзіць гаспадароў, ён робіцца як бы “сваім”. Менавіта гэтае амбівалентнае ўспрыманне дадзенай сітуацыі абумовіла ўжыванне адказаў, супрацьлеглых па сэнсе (запрашэнне да сумеснай ежы ці адмаўленне ў ежы).
Вітанні, адрасаваныя таму, хто ідзе з лазні. Лазня была характэрнай з’явай побыту ўсходніх славянаў, таму ў беларускай мове шмат формул, якія абслугоўваюць гэтую сітуацыю. Пры вітанні чалавеку, які ідзе з лазні, выкарыстоўваюцца формулы: З лёгкай (добрай) парай; З лёгкім духам. З чалавекам, які ідзе з лазні, віталіся: Шоўкавы венік, лёгкі дух; Па пáры бані; Паздароў, Божа.
Вітанні-пытанні. Да гэтай групы адзінак належыць шэраг формул у выглядзе пытальных сказаў. Пытанні могуць ужывацца і ў якасці самастойных вітанняў, і як суправаджальныя рэплікі. Вітанні гэтай групы выказваюць цікавасць адрасанта да жыцця адрасата, аднак, як паказвае аналіз саміх формул, існавалі пэўныя абмежаванні ў змесце пытанняў. Агульнымі для славянскіх традыцый былі пытанні пра жыццё і здароўе адрасата і яго блізкіх (Як жыццё? Як жыў? Як здароўе?) і іх граматычныя і стылістычныя мадыфікацыі (Як маешся? Як ты сябе адчуваеш? Як пачуваецеся? Як вы жывы-дужы на гэтакай сцюжы? Як жа вы там жывяце? і інш.).
Адказам на пытанне, як правіла, служыць устойлівы выраз, які мае абагульнены выгляд. Варта вылучыць тры віды стэрэатыпных адказаў: 1) са станоўчай адзнакай; 2) з ніякай адзнакай; 3) з адмоўнай адзнакай. Менш характэрныя станоўчыя Жывём, Бога звелічаючы; Крыў Бог і адмоўныя адказы Жывём, як гарох пры дарозе: хто ідзе, той шчыпне; Жывецца, як валу ў ярме. Адказы з ніякай адзнакай жыцця і здароўя больш пашыраныя. Для ўказання на сярэдні стан выкарыстоўваецца некалькі мадэляў: 1) “жывём то добра, то дрэнна” (То бокам, то скокам; То скачучы, то плачучы); 2) “жывём не ў поўную сілу, сярэдне” (Нічога сабе, памаленьку; Нічога сабе, жыву патроху; Валочымся патроху).
Вітанні, якія адлюстроўваюць стаўленне да сітуацыі сустрэчы. Адзінкі дадзенай групы маюць яскравую эмацыйную афарбоўку, бо яны звязаныя з праявамі пачуццяў адрасанта ў дачыненні да адрасата – радасці пры сустрэчы пасля доўгага расстання або здзіўлення пры раптоўнай сустрэчы. Асноўныя матывы ў гэтай групе прывітанняў – падкрэсліць працягласць разлукі (Гады ў рады), непазбежнасць сустрэчы (Гара з гарой не сыйдзецца, а чалавек з чалавекам заўсёды), раптоўнасць з’яўлення чалавека, якога шукалі або пра якога толькі што гаварылі (Лёгкі на ўспамін; Пра воўка гавораць, а ён ужо тут).
Такім чынам, у беларускім народным маўленчым этыкеце для сітуацыі вітання існуе шэраг разнастайных формулаў, якія адлюстроўваюць не толькі стасункі камунікантаў пры розных абставінах сустрэчы. У маўленчаэтыкетных адзінках выяўляюцца таксама міфалагічныя ўяўленні і катэгорыі архаічнай карціны свету [4, с. 72–77].